Минский ОК профсоюза
 

Главная : Виртуальный музей » Историческая справка

Профсоюзная приемная

Наш адрес:
220030, г. Минск, 
пл. Свободы,23,
каб. 127, 128.

тел./факс:
+375 17 327 24 04

E-mail:
minsk-obkom@mail.ru

Схема проезда: карта

Электронное обращение

      

График приёма

Реквизиты

Профсоюзный календарь

<<Июнь, 2017>>
пнвтсрчтптсбвс
1234
567891011
12131415161718
19202122232425
2627282930

         Поздравляем!

         

   дни рождения в текущем месяце

 

Счетчик

Яндекс.Метрика

Размешчанае на правым беразе Нёмана, які ў тым месцы якраз размяжоўвае Стаўбцоўшчыну ад Уздзеншыны, урочышча Прыстанька слаўнае адной знакавай падзеяй. 9 ліпеня 1906 года маладыя настаўнікі, сярод якіх быў і будучы народны паэт Беларусі Якуб Колас, правялі тут свой нелегальны з’езд. З-за даўнасці часу вакол гэтай сходкі існуе шмат супярэчнасцей і няпэўнасці, якія нават навукоўцам не даюць у драбніцах узнавіць дакладны ход тагачасных падзей. Але асноўны іх сэнс нам вядомы са школьнай праграмы — настаўнікі-«змоўшчыкі» заклікалі калег да адстойвання сваіх прафесійных і сацыяльных правоў.

У прыватнасці, такім жа спякотным ліпеньскім днём у Мікалаеўшчыне, у мясцовай школцы, дзе «гаспадарыў» ураджэнец гэтай вёскі Алесь Сянкевіч, над час канікулаў сабралася некалькі дзесяткаў маладых настаўнікаў з самых розных куткоў Мінскай губерні. У асноўным яны між сабой былі добра знаёмыя па гадах сумеснай вучобы і па зямляцкіх стасунках. Было сярод іх нямала і ўраджэнцаў Мікалаеўшчыны, якія адпускавалі ў роднай вёсцы. Паводле пазнейшых успамінаў удзельнікаў нелегальнага з’езда, ехалі яны «ў госці да Сянкевіча» ўсвядомлена, каб, сабраўшыся разам, абмеркаваць надзённыя праблемы сваёй настаўніцкай дзейнасці.

Як водзіцца, з нагоды сустрэчы ў мікалаеўшчынскай школцы настаўнікі накрылі стол, прыгубілі па чарцы і перакусілі з дарогі. І загаварылі далей пра палітыку, пра не так даўно створаны Усерасійскі саюз настаўнікаў, пра цяжкую працу бацькоў-сялян… І, як вынік гэтай бяседы, з’явілася адозва «Да ўсіх настаўнікаў і настаўніц народных, царкоўна-прыходскіх і іншых вучылішчаў». Пасля гэтага, відаць, усё ж змораныя спёкай, «змоўшчыкі» якраз і накіраваліся ў Прыстаньку — глухое ўрочышча за чатыры кіламетры ад Мікалаеўшчыны. Аднак прахалода нёманскай вады іх там не астудзіла — палітыка па-ранейшаму не сыходзіла з вуснаў маладых людзей. Увечары ж, вярнуўшыся ў Мікалаеўшчыну, яны запратакаліравалі свае развагі наконт паляпшэння сацыяльнага статусу настаўніцтва, і практычна адразу ж былі «накрыты» паліцыяй.

Затым не адзін год вялося следства, і многім удзельнікам настаўніцкага з’езду не ўдалося пазбегнуць турэмнага зняволення. У тым ліку — і Якубу Коласу, які, як не парадаксальна гэта гучыць, якраз за турэмнымі кратамі распачаў «Новую зямлю», напісаў шмат сваіх геніяльных вершаў. А галоўны завадатар настаўніцкай сходкі Алесь Сянкевіч, які ад арышту ўцёк за мяжу, атрымаўшы ў ЗША добрую медыцынскую адукацыю, у 20-я гады ўзначальваў міністэрства аховы здароўя Савецкай Беларусі. Яшчэ адзін з удзельнікаў з’езду Іван Фёдараў праз гады стаў вядомым беларускім пісьменнікам, які падпісваў свае творы псеўданімам Янка Маўр.

Сёння можна па-рознаму ставіцца да гэтага мерапрыемства. Але несумненна адно, нелегальны настаўніцкі з’езд — часцінка нашай гісторыі. І зусім заканамерна, што яшчэ ў 1993 годзе аддзел культуры Стаўбцоўскага райвыканкама парупіўся ўстанавіць на нёманскім крутаберазе ў Прыстаньцы мемарыяльны знак, які зараз нам і нагадвае пра тыя падзеі. (источник http://estu.by/o-nas/istoriya/znakavaya-padzeya-prystantsy

Глыбінныя карані радаводу Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі бяруць пачатак з канца XІX – пачатку XX стагоддзя, калі ў настаўніцкім асяроддзі сталі ўтварацца настаўніцкія суполкі. У связі з забаронай да 1905 – 1907 гг. любой незалежнай ад улады палітычнай і грамадскай дзейнасці першыя прафсаюзныя аб’яднанні былі нелегальнымі альбо дзейнічалі ў якасці кас узаемадапамогі, дабрачынных арганізацый і г.д. На настаўніцкіх курсах у настаўніцкім асяродку часта ўзнікалі не толькі ідэі арганізацыі, уз’яднання, згуртавання, але і ствараліся прафсаюзныя гурткі.

У гэты перыяд утвараліся, аказвалі неабходную дапамогу педагогам (грашовую, у тым ліку і на лячэнне, аздараўленне, прафесійную адукацыю дзяцей настаўнікаў, прадастаўленне ім інтэрнатаў на перыяд навучання, арганізацыю санаторнага лячэння педагогаў і г.д.) таварыствы ўзаемадапамогі настаўнікаў народных вучылішч Віленскай (1899 год), Віцебскай (1897), Гродзенскай (1899), Мінскай (1901) і Магілёўскай (1900) губерняў. Сродкі ў таварыствы паступалі не толькі за кошт унёскаў і дабраахвотных ахвяраванняў, але і ад гарадскіх упраў. Ужо тады такія таварыствы да ліку “слабых месцаў сумленнага работніка, народнага настаўніка” адносілі “поўнае няведанне імі сваіх правоў і абсалюдную бездапаможнасць у вырашэнні пытанняў, якія ставіць жыццё”. Гэта, а таксама неабходнасць кансалідацыі настаўніцтва, падштурхнула да правядзення ў 1903 годзе Усерасійскага З’езда таварыстваў узаемадапамогі. З мэтай паляпшэння ўмоў працы настаўнікаў, павышэння ўзроўню іх адукацыі і ўмацавання настаўніцкіх аб’яднанняў на З’ездзе было прынята рашэнне аб падрыхтоўцы Статута Усерасійскага Саюза настаўніцкіх таварыстваў.

Працэс развіцця прафсаюзанага руху ў асяроддзі педагогаў актывізаваўся пад уплывам нарастаючага рабочага руху, у сувязі з драматычнымі падзеямі першай рэвалюцыі ў Расіі. У 1905 годзе на Устаноўчым з’ездзе было абвешчана стварэнне Усерасійскага саюза настаўнікаў і дзеячаў народнай адукацыі. Фактычна быў створаны Прафесійны саюз настаўнікаў і дзеячаў народнай адукацыі.

Уздым актыўнасці прафесійнага руху педагогаў Беларусі прыпаў на 1906 год. 13 чэрвеня на губернскім з’езде настаўнікаў у г. Віцебску, на якім прысутнічалі больш за 300 дэлегатаў, быў створаны настаўніцкі саюз, выбраны дэлегаты на Усерасійскі з’езд настаўнікаў. У сяле Мікалаеўшчына Мінскага павета збіраецца першы настаўніцкі з’езд Мінскай губерні, які паклаў пачатак стварэнню настаўніцкага саюзу ў Мінскай губерні. Сход быў нешматлюдны, праводзіўся нелегальна і быў разагнаны паліцыяй пасля прыняцця Статута, які ставіў не толькі прафесійныя, але і палітычныя мэты.

Адзін з арганізатараў з’езду – будучы класік, Народны паэт Беларусі Якуб Колас (К. Міцкевіч). У жніўні адбыўся другі з’езд саюза ў Мінску. Ён быў скліканы пры ўдзеле сацыялістычных арганізацый. Пасля большасць яго ўдзельнікаў былі заключаны пад варту Віленскай Судовай палатай. І гэта толькі найбольш яскравыя прыклады працэсаў, што адбываліся ў настаўніцкім асяродку ў той перыяд.

У аб’яднанні сваіх намаганняў дэмакратычна скіраваная педагагічная грамадскасць бачыла галоўную ўмову заваёвы элементарных грамадска-палітычных і сацыяльна-эканамічных правоў і свабод, паляпшэння ўмоваў жыцця работнікаў сферы адукацыі.

Да канца мая 1907 года на тэрыторыі пяці губерняў Беларусі існаваў 101 прафсаюз, які аб'ядноўваў 14533 члена. Сярод іх значнае месца занялі настаўніцкія саюзы. Змушаны лічыцца з ростам прафсаюзнага руху, царызм рабіў усё, каб не дапусціць яго развіцця ўшыркі і ўглыб, максімальна абмяжоўваючы як правы, так і саму магчымасць стварэння прафсаюзаў. Царскі ўрад 4 сакавіка 1906 года прымае "Часовыя правілы аб прафесійных таварыствах", якімі, у прыватнасці, устанаўлівае забарону на стварэнне прафесійных аб'яднанняў настаўнікаў, прыраўніваючы педагогаў да дзяржслужачых.

Да 1917 года прафесійныя аб'яднанні педагогаў мелі схаваныя формы (педагагічныя таварыствы, касы ўзаемадапамогі), але ахаплялі ўжо больш значныя колы настаўніцтва. Такія аб'яднанні нярэдка зачыняліся ўладамі пры першым жа падазрэнні на нелегальную дзейнасць.

Перыяд легалізацыі, уздыму прафсаюзнага руху ў Беларусі – 1917 год, калі з падзеннем самадзяржаўя ў буйных гарадах сталі стварацца саюзы па прафесіі, а ў невялікіх гарадах і мястэчках – аб'яднаныя прафсаюзныя арганізацыі. Гэта азначала наступленне ў прафсаюзным руху этапу арганізацыі і дзейнасці масавых, легальна дзеючых прафсаюзаў. Дзякуючы намаганням прафсаюзаў з'яўляюцца калектыўныя дамовы з трымальнікамі прыватных вучэбных устаноў, якія рэгуліравалі пытанні нармавання, аплаты працы. Цяжкі перыяд нямецкай і польскай акупацыі 1918 года характэрны шматграннасцю настаўніцкіх арганізацый па цэхавым і нацыянальным прыкметам (саюзы настаўнікаў прыхадскіх вучэльняў, настаўнікаў – беларусаў, настаўнікаў – яўрэяў і інш.), а таксама з’яўленнем першай у галіне калектыўнай дамовы ў адной з прыватных мінскіх гімназій.

У галіновым прафсаюзным летазлічэнні адпраўнымі сталі дзве значныя падзеі: у ліпені 1919 года было арганізацыйна аформлена стварэнне Ўсерасійскага Саюза работнікоў асветы і сацыялістычнай культуры. Увосень 1920 г. у г. Мінску было створана Часовае кіраванне саюза работнікоў асветы і сацыялістычнай культуры, яно правяло падрыхтоўчую працу па скліканні з'езду, які адбыўся 8 - 11 студзеня 1921 года. Менавіта з гэтага з'езду фактычна вядзецца адлік гісторыі галіновага прафсаюза работнікоў адукацыі.

З 1922 па 1934 год прафсаюз работнікаў асветы аб'ядноўваў работнікаў школ, дзіцячых садоў, дзіцячых дамоў, навуковых устаноў, ВНУ і палітасветустаноў. Яго дзейнасць у гэтыя гады характарызуецца актыўным удзелам у станаўленні і развіцці айчыннай сістэмы адукацыі, выхаванні, у паэтапным ажыццяўленні ўсеасветы, ліквідацыі масавай непісьменнасці, ажыццяўленні культурнай рэвалюцыі. Члены галіновага прафсаюза выявілі ўзоры спадзвіжніцтва, запалу ў вялікай справе ліквідацыі адсталасці, далучэння дзяцей і дарослых да ведаў, дасягненняў культуры, навукі і тэхнікі. Здзейсненае галіновым прафсаюзам атрымала годную адзнаку. У 1931 годзе за поспехі ў справе адукацыі, актыўны ўдзел у ліквідацыі непісьменнасці і малапісьменнасці прафсаюз быў узнагароджаны рэспубліканскім ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга.

У гэты ж перыяд афармляюцца і мацнеюць нізавыя прафесійныя ячэйкі, у Мінску адчыняецца Дом работнікаў асветы, ідзе паэтапнае павышэнне заработнай платы работнікам галіны. Прадстаўнікі прафсаюза ўваходзілі ў склад прыёмных камісій вучэбных устаноў, удзельнічалі ў камплектаванні ВНУ і рабфакаў перадавымі працоўнымі і сялянствам, пашырэнні прафесійна-тэхнічных школ і школ фабрычна-завадскога навучання.

У 1934 годзе прафсаюз працаўнікоў асветы быў расфарміраваны і замест яго ўтвораны 8 самастойных прафсаюзаў: работнікаў пачатковых і сярэдніх школ РСФСР, Беларусі, Украіны, Закаўказзя, Сярэдняй Азіі, вышэйшай школы і навуковых устаноў, работнікаў дашкольных устаноў, работнікаў палітасветустаноў.

І хоць далёка не заўсёды разнастайныя пераўтварэнні, расфарміраванні, арганізацыйныя перабудовы ішлі на карысць, тым не менш, галіновы прафсаюз пры любых рэарганізацыях не выпускаў з поля зроку галоўнае: усяляк садзейнічаў развіццю і ўдасканаленню сістэмы адукацыі, паляпшэнню аховы здароўя, умоў працы і побыту, павышэнню ўзроўню дабрабыту работнікаў галіны. Функцыі, якія выконваў прафсаюз, і паўнамоцтвы, якія ён меў, служылі гэтым высокім мэтам. Адданасць ім ён даказаў і ў цяжкія часы Вялікай айчыннай вайны. Члены галіновага прафсаюза ў той перыяд лічылі сябе не па форме, а па сутнасці "мабілізаванымі і закліканымі".

Пасля вызвалення рэспублікі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў самай першай справай для прафсаюза стала адраджэнне сістэмы адукацыі. Пры вострым недахопе самага неабходнага прадпрымаліся вялікія намаганні па звароту да жыцця навучальных устаноў. Прафсаюз актыўна ўключыўся ў работу па аднаўленню сістэмы адукацыі, павышэнню кваліфікацыі настаўнікаў, выяўленню і аказанню дапамогі дзецям-сіротам, паўсіротам. Асаблівая ўвага скіравана на своечасовасць выплаты заробку, забеспячэнне спецвопраткай, будаўніцтва жылля для настаўнікаў, кадравае забеспячэнне, матэрыяльна-тэхнічны стан вучэбных устаноў, якія часта размяшчаліся ў найманых памяшканнях. Абкамамі прафсаюза прымаюцца рашэнні аб будаўніцтве школ метадам народнай будоўлі.

У 1948 годзе ў інтарэсах большай кансалідацыі намаганняў, для больш хуткага аднаўлення і развіцця народнай адукацыі, адбываецца аб'яднанне прафсаюза работнікаў пачатковых і сярэдніх школ з прафсаюзам работнікаў дашкольных устаноў, а ў 1956 годзе прафсаюз быў перайменаваны ў прафсаюз работнікаў адукацыі.

У кастрычніку 1957 гады прафсаюзы асветы ўсіх рэспублік СССР аб'ядналіся ў адзіны прафсаюз, у які ўвайшлі таксама работнінікі вышэйшай школы і навуковых устаноў. Прафсаюз стаў звацца прафсаюзам работнікаў асветы, вышэйшай школы і навуковых устаноў Беларускай ССР. Ён функцыянаваў не адно дзесяцігоддзе і зрабіў годны ўнёсак у агульнадзяржаўную, усенародную справу адраджэння, развіцця і ўдасканалення сістэмы адукацыі і выхавання падрастаючага пакалення. Шмат у чым дзякуючы творчым высілкам і высокаму прафесіяналізму настаўніцкага, прафесарска-выкладчыцкага корпуса рэспублікі беларуская мадэль адукацыі па шэрагу сваіх параметраў выйшла на перадавыя пазіцыі.

Рэспубліканская прафсаюзная арганізацыя ў поўнай меры датычылася таго, што адбывалася ў галіне, што прадвызначала ўмовы працы і жыцці яе работнікаў - членаў прафсаюза. Прыярытэтнымі для прафсаюзаў у той час былі вызначаныя арганізацыйна-вытворчыя функцыі: удзел у рашэнні вытворчых задач, умацаванні працоўнай дысцыпліны, рэгуляванні сацыяльна-працоўных пытанняў, ахове грамадскага парадку, арганізацыі дзейнасці таварыскіх судоў. Больш таго, на прафсаюзы з 1933 года было ўскладзена выкананне шэрагу дзяржаўных функцый: ажыццяўленне дзяржаўнага нагляду і кантролю за захаваннем заканадаўства аб працы і правілаў аховы працы, кіраванне сацыяльным страхаваннем. Прафсаюзы мелі прамое дачыненне да жыллёвага будаўніцтва, размеркавання жылля, выдачы пуцёвак у санаторыі, прафілакторыі, дамы адпачынку, пансіянаты, арганізацыі турызму, фізічнай культуры, спорту і інш.

Адзяржаўленне прафсаюзаў, калі і не было абсалютным, то ўсё ж шмат у чым прадвызначала, абумоўлівала сам статут, стыль і метады дзейнасці прафсаюзных арганізацый. Але, прызнаючы гэта, нельга не адзначыць, што ў гэтых своеасаблівых умовах прафсаюзы, у тым ліку і рэспубліканская арганізацыя прафсаюза работнікаў асветы, вышэйшай школы і навуковых устаноў, яе кадры, актыў набылі рознабаковы, шмат у чым унікальны досвед, назапасілі значны пазітыўны патэнцыял, які і да гэтага часу служыць на карысць галоўнага ў прафсаюзнай працы - абароне працоўных, сацыяльна-эканамічных правоў і інтарэсаў работнікаў галіны. У арганізацыі вырасла, сфарміравалася плеяда творчых, ініцыятыўных, аўтарытэтных прафсаюзных лідэраў, якія рашуча выступілі за захаванне моцнага, адзінага прафсаюза, здольнага ў прынцыпова іншых умовах дасканала ўяўляць і паслядоўна абараняць на ўсіх узроўнях правы і жыццёвыя інтарэсы работнікаў галіны, а разам з тым і правы ўсіх грамадзян Беларусі на роўны доступ да ведаў, якаснай адукацыі.

Рэспубліканская арганізацыя прафсаюза работнікаў асветы, вышэйшай школы і навуковых устаноў праіснавала да верасня 1990 года. Пераходны перыяд, у які ўступіла краіна, аказаўся складаным і супярэчлівым. Работнікі адукацыі патрапілі ў катэгорыю малазабяспечаных. У гэтых умовах захаванне моцнага, адзінага галіновага прафсаюза, здольнага процістаяць нарастаючым негатыўным тэндэнцыям у адукацыйнай, сацыяльна-працоўнай сферы, стала сапраўды найважнейшай мэтай. Яе дасягненне далося нялёгка. У становішчы пачатку 90-х гг. прафсаюзы засталіся практычна адзінай масавай арганізацыяй, якая абараняла інтарэсы людзей працы. І разнастайныя сілы, не зацікаўленыя ў існаванні ўплывовых, дзейсных прафсаюзаў, усяляк пярэчылі адраджэнню прафсаюзнага руху на новай глебе. Але жыццё, усё разумнае, спелае, што існавала ў прафсаюзах і грамадстве, усёткі аказаліся мацнейшымі.

У верасні 1990 года адбыўся I з'езд прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Беларусі, на якім былі прынятыя часовы Статут і Праграма дзейнасці, што абвяшчалі самастойнасць, незалежнасць прафсаюза ад органаў улады, палітычных партый і рухаў. У гэтых устаноўчых дакументах упершыню выразна падкрэслена, што галоўнай задачай прафсаюза з'яўляецца абарона прафесійных, працоўных, сацыяльна-эканамічных правоў і законных інтарэсаў членаў прафсаюза. Старшынёй на альтэрнатыўнай аснове была абраная Тамара Іосіфаўна Чобатава - лідэр граматны, аўтарытэтны, з імем якой звязаны дасягненні перыяду станаўлення галіновага прафсаюза.

У сакавіку 1991 года галіновы прафсаюз быў зарэгістраваны Міністэрствам юстыцыі. Па-новаму сталі складвацца яго ўзаемаадносіны з ФПБ, органамі заканадаўчай і выканаўчай улады краіны, органамі ўладных структур на месцах. Ужо ў гэты перыяд абноўлены галіновы прафсаюз, які дзейнічаў у рамках прававога поля, выкарыстоўваў усе формы і сродкі барацьбы за ўзмацненне сацыяльна-эканамічных гарантый для работнікаў галіны і навучэнцаў.

Дзякуючы сумесным намаганням Рэспубліканскага камітэта прафсаюза і Міністэрства народнай адукацыі Рэспублікі Беларусь, у 1991 годзе двойчы павышаўся заробак педагагічных работнікаў, у выніку чаго ён ўзрос ў 2,5 разы. Павялічыліся стыпендыі студэнтам і навучэнцам. Упершыню ў галіне быў утвораны прэміяльны фонд у памеры 2 працэнты ад агульнага фонду заробку, уведзена дыферэнцыраваная аплата працы ў залежнасці ад катэгорыі. Устаноўлены 10-працэнтныя надбаўкі за навучанне і выхаванне на беларускай мове. Двойчы павышаўся заробак работнікам вышэйшай школы. 3 мая 1991 г. упершыню складзена галіновае пагадненне Рэспубліканскага камітэта з Міністэрствам народнай адукацыі. Патрабаванні па ўзмацненню сацыяльна-эканамічнай абароненасці работнікаў галіны двойчы на працягу года накіроўваліся ў Вярхоўную Раду, Урад, былі падмацаваныя масавымі прафсаюзнымі калектыўнымі дзеяннямі, аж да забастовак, мітынгаў, пікетавання будынка Дома Урады. У выніку ўдалася дамагчыся задавальнення часткі асноўных патрабаванняў прафсаюза.

І гэта не адзінкавы эпізод. У пачатку 90-х гадоў прафсаюз, борачыся за павелічэнне «беднага» настаўніцкага бюджэту, паляпшэнне ўмоў працы работнікаў галіны, не аднойчы ўдзельнічаў у калектыўных працоўных спрэчках на самыя вострыя сацыяльна-прававыя пытанні: у лістападзе 1991 г. і ў 1992 г. - з Вярхоўнай Радай і Урадам, у снежні 1993 г. і ў студзені 1994 г. - з Урадам краіны. І сутыкаючыся нярэдка з пазіцыяй непрымання таго, што ў асяроддзі педагогаў, як гаворыцца, крыкам крычыць, прафсаюзныя арганізацыі проста былі змушаныя звяртацца да масавых акцый пратэсту: мітынгам, пікетам, папераджальным забастоўкам. Але пратэстныя формы ціску ніколі не ўзводзіліся ў абсалют. Прафсаюз зыходзіў і зыходзіць з пастулату: найбольш канструктыўны метад вырашэння ўсіх сацыяльна-працоўных пытанняў, у тым ліку і самых вострых, адзін - на аснове міжнародна прызнаных заканадаўча замацаваных прынцыпаў і норм сацыяльнага партнёрства. Аб'яднаныя галіновым прафсаюзам прафсаюзныя арганізацыі прадэманстравалі моц прафсаюзнай салідарнасці, сваю здольнасць разам абараняць сацыяльна-эканамічныя і працоўныя правы членаў прафсаюза, карэнныя жыццёвыя інтарэсы настаўніцкіх, навукова-педагагічных, студэнцкіх калектываў галіны.

Да слова, адбывалася запатрабаваная часам аптымізацыя прафсаюзных функцый. У прафсаюзнай рабоце на першы план сталі такім чынам вылучацца прыёмы і метады, якія дазвалялі эфектыўна прадстаўляць і абараняць працоўныя і сацыяльна-эканамічныя правы работнікаў сферы адукацыі.

У гэтым выпадку выключна важна і значна тое, што ў 90-ыя гады ў краіне пры ініцыятыўным удзеле ФПБ, яе членскіх арганізацый была закладзена сучасная прававая база дзейнасці прафсаюзаў і іх аб'яднанняў. У новых умовах прафсаюз здолеў захавацца як найбуйнейшае, уплывовае прафсаюзнае аб'яднанне краіны. Была праведзеная мадэрнізацыя жыццёва важных, ключавых сістэм прафсаюзнага арганізма, у выніку чаго ён здабыў шмат у чым іншае аблічча, адэкватны новаму часу, новаму дзяржаўнаму і грамадскаму ладу жыцця.

У духу патрабаванняў часу і ў адпаведнасці з заканадаўствам З'езд унёс змены і дадаткі ў Статут галіновага прафсаюза. З улікам тых змен, якія адбыліся за перыяд пасля I з'езду ў палітыцы, эканоміцы, сацыяльнай сферы, а таксама прапаноў першасных прафсаюзных арганізацый была прынятая Праграма асноўных кірункаў дзейнасці прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Беларусі на 1995 - 2000 гг. Яе лейтматыў: перасоўванне цэнтра цяжару прафсаюзнай работы на выкананне ахоўных функцый, арганізацыйнае ўмацаванне прафсаюза, узмацненне адзінства дзеянняў усіх яго складнікаў.

На III З'ездзе Беларускага прафесійнага саюзу работнікаў адукацыі і навукі, які адбыўся 6 красавіка 2000 г., адзначалася, што сумеснымі намаганнямі Рэспубліканскага камітэта прафсаюза і Міністэрства адукацыі атрымалася дамагчыся шматлікіх істотных зрухаў у рашэнні сацыяльна-значных задач: уведзена павелічэнне тарыфных ставак і службовых акладаў за стаж работы па спецыяльнасці і ў галіне да 20 %, а з 1 студзеня 2000 г. - да 30 %; вылучаныя сродкі ў памеры 10 % ад планавага фонду заработнай платы на надбаўкі стымулюючага характару да ставак заробку і службовых акладаў кіраўнікоў, спецыялістаў і служачых; паніжана тыднёвая нагрузка настаўнікам пачатковых класаў з 20 да 18 гадзін у тыдзень.

Важным дасягненнем стала ўстанаўлннне выплат на метадычную літаратуру ў памеры аднаго мінімальнага заробку асноўным катэгорыям педагагічных работнікаў устаноў асветы, а таксама ўвядзенне даплат за кваліфікацыйныя катэгорыі ў памеры 10 - 30 % стаўкі заработнай платы (службовага акладу).

Па прапанове і пры ініцыятыўным удзеле прафсаюза была прынята праграма "Настаўнік", у выніку выканання якой сярод іншых значных мер былі павялічаныя сродкі на прэміраванне работнікаў з 10 да 20% планавага фонду заработнай платы, ўведзена кантрактная форма наймання спецыялістаў устаноў адукацыі, якія знаходзіліся ў зонах радыёактыўнага забруджвання, з вылучэннем для стымулявання іх работы дадатковага фонду заработнй платы ў памеры 30 %. Такі далёка не поўны пералік зробленага і выкананага пры актыўным удзеле ўсіх органаў галіновага прафсаюза.

III з'езд прафсаюза зрабіў высновы з пройдзенага этапу, прыняў Праграму асноўных кірункаў дзейнасці прафсаюза на 2000 - 2005 гады, унёс змены ў Статут галіновага прафсаюза і пераназваў вышэйшы кіруючы орган прафсаюза ў Цэнтральны камітэт. Было падкрэслена, што галоўныя намаганні прафсаюз будзе і надалей накіроўваць на карэннае паляпшэнне эканамічнага і сацыяльнага становішча ўсіх катэгорый работнікаў адукацыі і навукі, навучэнскай моладзі, пенсіянераў, будзе настойліва змагацца за належнае рэсурсавае забеспячэнне і фінансаванне галіны.

Значныя дасягненні прафсаюза, з якімі ён падышоў да свайго ІV з'езду ў 2005 годзе: вызначана працягласць працоўнага часу да 36 гадзін у тыдзень педагагічным работнікам, якія выконваюць выкладчыцкую працу; зменена тарыфікацыя асобных катэгорый работнікаў па Адзінай тарыфнай сетцы; ажыццёўлена ўдасканаленне даплат работнікам устаноў адукацыі за асобныя віды работ; уведзены пагадзінныя стаўкі аплаты работы для правядзення работ, звязаных з тэсціраваннем, распрацоўкай заданняў па алімпіядах і выкананнем іншых работ; пашыраны пералік катэгорый педагагічных работнікаў, якім прадастаўляецца падоўжаны адпачынак; устаноўлены надбаўкі да 100 % службовага акладу навуковым работнікам структурных падрадзяленняў з рахунку бюджэтных сродкаў; пашырана сфера выкарыстання фонду матэрыяльнага заахвочвання з пазабюджэтных сродкаў на ўсталяванне надбавак, прэміяванне работнікаў, навучэнскай моладзі; урэгуляваны пытанні падліку стажу работы па спецыяльнасці работнікаў недзяржаўных, ведамасных арганізацый галіны.

Разам з тым, нізкая аплата работы маладых спецылістаў не спрыяла іх далейшаму замацаванню ў сістэме адукацыі. Распаўсюджанне ў галіне пачала атрымліваць утоеная форма беспрацоўя – няпоўная занятасць, а дэмаграфічная сітуацыя ставіла перад прафсаюзам галоўную праблему – занятасць членаў прафсаюза. Пад сумненне было пастаўлена адно з галоўных заваяванняў – адзінства: у віхуры палітычных працэсаў, у якіх прафсаюз часцяком быў залежны ад сітуацыі страціліся арганізацыі, якія заявілі аб сабе як новыя прафсаюзы.

З'езд вызначыў новыя задачы і арыенціры, прыняўшы Праграму асноўных кірункаў дзейнасці на 2005 - 2010 гады, а таксама абраўшы новага лідэра Андрэя Васільевіча Лук'яновіча, глыбока і не па чутках дасведчанага ў праблемах галіны, члена прафсаюза, на чале з якім прафсаюз мусіў як разблытваць клубок сацыяльна-эканамічных праблем работнікаў галіны, навучэнскай моладзі, так і вырашаць самыя актуальныя саюзныя задачы.

Прамежкавыя вынікі выканання Праграмы былі падведзеныя ў 2006 годзе V пазачарговым З'ездам, неабходнасць правядзення якога была абумоўлена вяртаннем у прафсаюз арганізацый, якія выйшлі з яго раней, стварэннем «пярвічак» у прыватным сектары галіны, наспелымі зменамі ў Статуце прафсаюза, а таксама наяўнасцю новых задач, што стаялі перад прафсаюзным рухам краіны ў цэлым і непасрэдна ў галіне. Сярод заваёў справаздачнага перыяду: зніжэнне напаўняльнасці класаў у пачатковай школе, ліцейскіх, гімназічных, класах з паглыбленым вывучэннем дысцыплін і г.д.; удасканаленне кантрактнай формы найму ў галіне, парадку падліку стажу работы па спецыяльнасці, даплат педагагічным работнікам; павышэнне тарыфных ставак работнікаў інтэграваных груп дашкольных устаноў, занясенне змен у парадак правядзення атэстацыі педагагічных работнікаў; захаванне студэнцкіх санаторыяў-прафілакторыяў; узнаўленне правоў на выплаты па дзяржаўным забеспячэнні некаторым катэгорыям сірот, якія праходзяць навучанне.

Прафсаюз працягваў дамагацца забеспячэння годнай аплаты работы ў адпаведнасці з яе аб'ёмамі, якасцю, устанаўлення максімальна магчымага эканамічна абгрунтаванага памеру заработнай платы ў галіне не ніжэй прадугледжанага Праграмай сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2006 - 2010 гады, давядзення яе мінімальнага памеру да мінімальнага спажывецкага бюджэту; выдзялення бюджэтных асігнаванняў з мэтай прадастаўлення дадатковага аплачваемага адпачынку, павелічэння тарыфных ставак работнікам дзяржаўных арганізацый галіны, з якімі заключаны кантракты, прадугледжаныя заканадаўствам; удасканалення аплаты працы ППС, работнікаў устаноў дашкольнай адукацыі, іншых нізкааплочваемых катэгорый; увядзення штомесячных кампенсацыйных выплат на ўладкаванне маладых спецыялістаў; удасканалення нарматыўных прававых актаў па пытаннях кантрактнай формы наймання; увядзення выплат у выпадку не падаўжэння кантрактаў з добрасумленнымі работнікамі, якія маюць адпаведную кваліфікацыю.

Чарговы VІ З’езд галіновага прафсаюза адбыўся ў 2010 годзе, значнасць якога, як і працы галіновага прафсаюза ўвогуле, яскрава адлюстроўваюць дакументы з’езда, публікацыі пра яго ў СМІ, размешчаныя на нашым сайце.

Такім чынам, зноў адзіны, абноўлены галіновы прафсаюз працягвае быць моцным, дзейсным, поўным рашучасці выканаць сваю высокую місію – быць годным прадстаўніком, паслядоўным абаронцам жыццёвых інтарэсаў аб’яднанай ім шматтысячнай арміі людзей, чыё жыццё, праца, вучоба звязаны з самай важнай сацыяльнай сферай, у якой – будучыня Беларусі.

Скачать на русском языке

Беларускі прaфесійны саюз работнiкаў адукацыі і навукі: вытокi, гiсторыя, сучаснасць

Радавод Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі бярэ свой пачатак на мяжы XІX і XX стагоддзяў, калі разам з рэфарматарскімі педагагічнымі таварыствамі ствараліся таварыствы ўзаемадапамогі настаўнікаў народных вучэльняў Віленскай (1899 г.), Віцебскай (1897 г.), Гродзенскай (1899 г.), Мінскай (1901 г.), Магілёўскай (1900 г.) губерняў. Іх дзейнасць пасля выдання ў 1894 г. Міністэрствам народнай асветы ”Нормального устава обществ вспомоществования учащим и учившим в начальных народных училищах“ фармальна абмяжоўвалася рамкамі матэрыяльнай узаемадапамогі на лячэнне, аздараўленне, прафесійную адукацыю дзяцей настаўнікаў, прадастаўленне ім інтэрнату на час навучання і інш. Сродкі ў таварыствы паступалі за кошт членскіх узносаў, дабрачынных ахвяраванняў і ад гарадскіх упраў. Таварыствы да ”хворых месцаў сціплага працаўніка, народнага настаўніка“ адносілі ”поўнае няведанне імі сваіх правоў і суцэльную бездапаможнасць у вырашэнні пытанняў, што ставіць жыццё“.

У гэты ж час на настаўніцкіх курсах часта ўзнікалі не толькі ідэі згуртавання, але і ствараліся прафсаюзныя гурткі. З 1895 г. праводзіліся з’езды народных настаўнікаў, якія сталі формай іх удзелу ў абмеркаванні пытанняў школьнага будаўніцтва.

Сімвалам кансалідацыі настаўніцтва стаў праведзены ў час зімніх канікул 1902-1903 гг. Усерасійскі З’езд настаўніцкіх таварыстваў узаемадапамогі. У мэтах паляпшэння ўмоў працы настаўнікаў, павышэння іх адукацыйнага ўзроўню, умацавання іх аб’яднанняў з’езд прыняў рашэнне аб падрыхтоўцы Статута Усерасійскага саюза настаўніцкіх таварыстваў.

У 1903 – 1904 гг. дэмакратычна настроеныя настаўнікі бачылі спосаб устаранення невыгодных умоў працы ў аб’яднанні і стварэнні Саюза народных настаўнікаў. 12 сакавіка 1905 года ў Санкт-Пецярбурзе з удзелам групы актывістаў з Віцебску, Вільні, Гародні, іншых рэгіёнаў Беларусі быў праведзены арганізацыйны сход па пытаннях заснавання Саюза народных настаўнікаў і іншых дзеячаў па народнай адукацыі.

Пад уплывам росту працоўнага руху на Устаноўчым з’ездзе, што праводзіўся 9 чэрвеня 1905 года ў Фінляндыі, было абвешчана стварэнне Усерасійскага саюза настаўнікаў і дзеячаў па народнай адукацыі, які на той час аб’ядноўваў ужо каля 10 тысяч настаўнікаў. У сваіх дакументах з’езд адзначаў, што неабходная рэарганізацыя школы ”на прынцыпах свабоды, дэмакратызацыі“ немагчыма ў рамках ”бюракратычнага ладу“. Статутам Саюза адзначалася, што ён з’яўляецца прафесійным і палітычным. У Статуце адлюстраваныя ідэі арганізацыйнай будовы, уласцівыя сучаснай прафсаюзнай структуры. Улады жорстка распраўляліся з актывістамі Саюза, а на працягу 1907 года большасць яго рэгіянальных аддзяленняў была распушчана. Тым не менш, Саюз працягваў дзейнічаць, часам адмаўляючыся ад палітычнай платформы, але не губляючы галоўнага – абароны прафесійных інтарэсаў работнікаў адукацыі.

Уздым актыўнасці прафесійнага руху педагогаў Беларусі назіраўся ў 1906 годзе, калі змушаны лічыцца з ростам прафсаюзнага руху Царскі ўрад прымае ”Часовыя правілы аб прафесійных таварыствах“, якімі ўстанаўлівае забарону на стварэнне прафесійных аб’яднанняў настаўнікаў, прыраўніваючы педагогаў да дзяржаўных служачых. Але на Віцебскім губернскім з’ездзе настаўнікаў 13 чэрвеня, у працы якога ўдзельнічалі больш 300 дэлегатаў, быў створаны настаўніцкі саюз, абраны дэлегаты на Усерасійскі з’езд настаўнікаў.

У сяле Мікалаеўшчына Свержаньскай воласці Мінскага павету 9 ліпеня збіраецца першы настаўніцкі з’езд Мінскай губерніі. Ён быў спробай арганізацыйнага аб’яднання вясковага настаўніцтва ”для змагання за вызваленне з грамадзянскай і палітычнай няволі, за поўную рэформу школы, арганічна злучыўшы яе з патрэбамі жыцця“. З’езд абмеркаваў праграму Усерасійскага саюза настаўнікаў і дзеячаў па народнай адукацыі і пастанавіў далучыцца да яго, прыняўшы гэту праграму. У рукапіснай адозве, што пачыналася зваротам ”Таварышы настаўнікі“, цяжкае становішча народнага настаўніка тлумачыцца ўмовамі палітычнага жыцця, самадзяржаўным ладам, і настаўнікаў заклікаюць усімі сіламі садзейнічаць яго падзенню. У пратаколе з’езда, які трапіў у рукі паліцыі, было напісана не менш пэўна: паколькі ажыццяўленне пастаўленых задач немагчыма пры інуючым ладзе, неабходна ”актыўна імкнуцца да звяржэння яго шляхам непасрэднага ўплыву на сялян, іх арганізацыі“. З’езд праводзіўся нелегальна і быў разагнаны стражнікамі пасля прыняцця Статута, якім ставіліся не толькі прафесійныя, але і палітычныя мэты. Пасля разгону ўдзельнікі з’езда прыйшлі на бераг Нёмана, дзе зараз знаходзіцца своеасаблівы помнік гэтай значнай для ўсяго беларускага настаўніцтва падзеі. Сярод арганізатараў і 19 ўдзельнікаў з’езда былі слынныя айчынныя педагогі, у будучым Народны паэт Беларусі Якуб Колас (К. Міцкевіч) і дзіцячы пісьменнік, адзін з першых беларускіх эсперантыстаў Янка Маўр (І. Фёдараў), подпіс якога стаяў першым пад пратаколам з’езда. Абодва ўваходзілі ў склад абранага з’ездам часовага бюро Мінскай групы настаўнікаў. Арыштаваныя ўдзельнікі з’езда на допытах у паліцыі прыхоўвалі сапраўдную сутнасць мерапрыемства, зводзячы яго да звычайнай вечарынкі, своеасаблівай вясёлай маёўкі. Судовая справа цягнулася амаль два гады, пасля чаго Я. Колас быў асуджаны на тры гады турэмнага зняволення, а Я. Маўр так і не быў дапушчаны да настаўніцкай працы і ўзяты пад нагляд паліцыі.

У жніўні адбыўся другі з’езд саюза у г. Мінску. Большасць яго ўдзельнікаў былі асуджаны Віленскай Судзебнай палатай да заключэння. Гэта найбольш яскравыя прыклады працэсаў у настаўніцкім асяродку.

Пасля ІV З’езда Усерасійскага саюза 1907 года яго дзейнасць стала паступова згортвацца, спробы яе ажыўлення рабіліся ў 1912-1914 гг., аднак па розных прычынах, у тым ліку з-за палітычных рознагалоссяў гэта не ўдалося і падчас чарговага Усерасійскага З’езда.

Перыяд легалізацыі, уздыму прафсаюзнага руху ў Беларусі – 1917 год, калі з падзеннем самадзяржаўя ў буйных гарадах сталі стварацца саюзы па прафесіі, а ў невялікіх гарадах і мястэчках – аб’яднаныя прафсаюзныя арганізацыі. Гэта азначала наступленне ў прафсаюзным руху этапу арганізацыі і дзейнасці масавых, легальна дзеючых прафсаюзаў.

У поўнай ступені дзейнасць Усерасійскага Саюза была адноўлена ў 1917 годзе. На жнівеньскім З’ездзе ён быў названы Усерасійскім настаўніцкім Саюзам. Яго палітычная пазіцыя зводзілася да падтрымкі Часовага ўрада. У сваю чаргу яго ўнутраная будова была няпэўнай з прычыны дзялення па шэрагу рознародных прызнакаў – тып школ, прадмет выкладання, ведамасная падпарадкаванасць і г.д.

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі лёс Усерасійскага настаўніцкага Саюза залежаў ад стасункаў з новай уладай. Заклік А.В. Луначарскага да супрацоўніцтва Саюз не прыняў. Пралетарская частка настаўніцтва выйшла са складу Саюза, стварыўшы ў снежні 1917 года Саюз настаўнікаў-інтэрнацыяналістаў, які стаў асноўным ядром для стварэння галіновага прафсаюза. Узімку 1918 г. Усерасійскі настаўніцкі Саюз пастановай Усерасійскага Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта быў распушчаны.

Складаны перыяд нямецкай і польскай акупацыі характэрны шматграннасцю настаўніцкіх арганізацый па цэхавых і нацыянальных прыкметах, калі ствараюцца саюзы настаўнікаў прыхадскіх вучэльняў, настаўнікаў – беларусаў, яўрэяў і інш., з’яўленнем у 1918 годзе першай у галіне калектыўнай дамовы ў адной з прыватных мінскіх гімназій.

Пасля правядзення ў маі 1919 года ў Маскве І Усерасійскага з’езда настаўнікаў-інтэрнацыяналістаў у ліпені было арганізацыйна аформлена стварэнне Усерасійскага саюза работнікаў асветы і сацыялістычнай культуры. Але толькі ўвосень 1920 года ў Мінску было створана яго Часовае праўленне, яно правяло падрыхтоўчую работу па скліканні з’езда, які адбыўся 8-11 студзеня 1921 года. Ад гэтай даты вядзецца адлік гісторыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі.

З 1922 па 1934 год прафсаюз работнікаў асветы аб’ядноўваў работнікаў школ, дзіцячых садкоў і дамоў, навуковых, вышэйшых навучальных устаноў і палітасветустаноў. Ствараюцца прафсаюзныя арганізацыі навучэнскай моладзі, якія спачатку аб’ядноўвалі навучэнцаў, што мелі адпаведную прафесію да паступлення ў навучальную ўстанову, потым гэтыя арганізацыі будаваліся, зыходзячы з прыналежнасці да адпаведнай навучальнай установы, факультэта, аддзялення, курса і г.д.

Дзейнасць прафсаюза ў гэтыя гады характарызуецца актыўным удзелам у станаўленні айчыннай сістэмы адукацыі, выхаванні, ліквідацыі масавай непісьменнасці, ажыццяўленні ўсеагульнай асветы і культурнай рэвалюцыі. Члены прафсаюза выявілі ўзоры спадзвіжніцтва ў вялікай справе ліквідацыі адсталасці, далучэння дзяцей, дарослых да ведаў, дасягненняў культуры, навукі і тэхнікі. Здзейсненае атрымала годную адзнаку ў 1931 годзе, калі за поспехі ў справе адукацыі, актыўны ўдзел у ліквідацыі непісьменнасці і малапісьменнасці настаўніцкі з’езд, прафсаюз былі ўзнагароджаны рэспубліканскім ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга.

У гэты ж перыяд афармляюцца і мацнеюць нізавыя прафесійныя ячэйкі, у Мінску адчыняецца Дом работнікаў асветы, ідзе паэтапнае павышэнне заработнай платы работнікаў галіны. Прадстаўнікі прафсаюза удзельнічалі ў працы прыёмных камісій, камплектаванні навучальных устаноў і рабфакаў перадавымі працоўнымі і сялянствам, пашырэнні прафесійна-тэхнічных школ і школ фабрычна-заводскага навучання.

З 1933 года на прафсаюзы было ўскладзена выкананне шэрагу дзяржаўных функцый: дзяржаўны нагляд і кантроль за захаваннем заканадаўства аб працы і правілаў аховы працы, кіраванне сацыяльным страхаваннем. Прафсаюзы мелі непасрэднае дачыненне да будаўніцтва, размеркавання жылля, арганізацыі дзейнасці санаторыяў, прафілакторыяў, дамоў адпачынку, пансіянатаў, турызму, фізічнай культуры, спорту і інш.

У 1934 годзе ў прафсаюзе ажыццёўлены шэраг арганізацыйных пераўтварэнняў. Ён быў расфармаваны, а на яго базе ўтвораны 8 самастойных прафсаюзаў, у тым ліку агульнасаюзны прафсаюз работнікаў вышэйшай школы і навуковых устаноў, самастойныя прафсаюзы работнікаў пачатковых і сярэдніх школ Беларусі, а таксама дашкольных устаноў.

Далёка не заўсёды рэарганізацыі ішлі на карысць, але прафсаюз у любых абставінах не выпускаў з поля зроку галоўнае: усяляк садзейнічаў удасканаленню сістэмы адукацыі, умоў працы і побыту, дабрабыту, аховы здароўя работнікаў галіны. Функцыі і паўнамоцтвы прафсаюза служылі гэтым высокім мэтам. Адданасць ім ён даказаў і ў цяжкія часы Вялікай айчыннай вайны, калі члены галіновага прафсаюза лічылі сябе не па форме, а па сутнасці ”мабілізаванымі і закліканымі“.

Пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў самай першай справай для прафсаюза стала адраджэнне сістэмы адукацыі. Пры вострым недахопе самага неабходнага прадпрымаліся вялікія намаганні па звароту да жыцця навучальных устаноў. Прафсаюз актыўна ўключыўся ў работу па аднаўленню сістэмы адукацыі, павышэнню кваліфікацыі настаўнікаў, выяўленню дзецей-сірот, паўсірот, аказанню ім дапамогі. Асаблівая ўвага была накіравана на своечасовасць выплаты заробку, забеспячэнне спецвопраткай, будаўніцтва жылля для настаўнікаў, кадравае забеспячэнне, матэрыяльна-тэхнічны стан вучэбных устаноў, якія часта размяшчаліся ў найманых памяшканнях. Абкамамі прафсаюза прымаліся рашэнні аб будаўніцтве школ метадам народнай будоўлі.

У 1948 годзе ў інтарэсах большай кансалідацыі намаганняў, для больш хуткага аднаўлення і развіцця народнай адукацыі аб’ядноўваюцца прафсаюз работнікаў пачатковых і сярэдніх школ з прафсаюзам работнікаў дашкольных устаноў.

У 1956 годзе прафсаюз атрымлівае назву прафсаюза работнікаў адукацыі. У кастрычніку 1957 года прафсаюзы асветы ўсіх рэспублік СССР аб’ядналіся ў адзіны прафсаюз работнікаў асветы, вышэйшай школы і навуковых устаноў. Ён функцыянаваў не адно дзесяцігоддзе, зрабіўшы годны ўнёсак ва ўдасканаленне сістэмы адукацыі, выхаванне новых пакаленняў. Дзякуючы творчым высілкам, высокаму прафесіяналізму настаўніцкага, прафесарска-выкладчыцкага корпуса рэспублікі беларуская мадэль адукацыі па шэрагу параметраў выйшла на перадавыя пазіцыі.

Прыярытэтнымі для прафсаюза ў гэты час былі вызначаныя арганізацыйна-вытворчыя функцыі: удзел у вырашэнні вытворчых задач, умацаванні працоўнай дысцыпліны, рэгуляванні сацыяльна-працоўных пытанняў, ахове грамадскага парадку, арганізацыі дзейнасці таварыскіх судоў. Адзяржаўленне прафсаюзаў не было абсалютным, але шмат у чым прадвызначала, абумоўлівала статус, стыль і метады працы прафсаюзных арганізацый. Але трэба адзначыць, што ў гэтых своеасаблівых умовах рэспубліканская арганізацыя прафсаюза, яе кадры, актыў назапасілі шмат у чым унікальны, рознабаковы досвед, значны пазітыўны патэнцыял, які і да гэтага часу служыць на карысць прафсаюзнай працы. Сфармавалася плеяда творчых, ініцыятыўных, аўтарытэтных лідараў, што ў прынцыпова іншых умовах дасканала прадстаўлялі і паслядоўна абаранялі на ўсіх узроўнях правы і жыццёвыя інтарэсы работнікаў галіны, а разам з тым і правы грамадзян Беларусі на роўны доступ да ведаў, якаснай адукацыі.

Рэспубліканская арганізацыя прафсаюза праіснавала да верасня 1990 года. Пераходны перыяд быў складаным і супярэчлівым. Работнікі адукацыі патрапілі ў катэгорыю малазабяспечаных. Прафсаюзы засталіся практычна адзінай масавай арганізацыяй, якая абараняла інтарэсы людзей працы. Таму захаванне здольнага процістаяць негатыўным тэндэнцыям у адукацыйнай, сацыяльна-працоўнай сферы моцнага, адзінага галіновага прафсаюза, стала сапраўды найважнейшай мэтай. Яна далася нялёгка.

У верасні 1990 года адбыўся I з’езд прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Беларусі, які прыняў часовы Статут, Праграму дзейнасці, што абвясцілі самастойнасць, незалежнасць прафсаюза ад органаў улады, палітычных партый і рухаў, а галоўнай задачай прафсаюза вызначылі абарону прафесійных, працоўных, сацыяльна-эканамічных правоў, законных інтарэсаў яго членаў. Прафсаюз стаў адным з заснавальнікаў Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. У сакавіку 1991 года прафсаюз быў зарэгістраваны Міністэрствам юстыцыі, а 3 мая ўпершыню заключана галіновае пагадненне з Міністэрствам народнай адукацыі. Падмацаваныя масавымі забастоўкамі, мітынгамі, пікетамі патрабаванні па ўзмацненні сацыяльна-эканамічнай абароны работнікаў галіны накіраваны Ураду, Вярхоўнаму Савету. У выніку прафсаюз дамогся задавальнення часткі патрабаванняў. Так пачынаўся новы перыяд яго дзейнасці.

Час паказаў, што зацікаўленыя ў развіцці галіны сацыяльныя партнёры не могуць быць увесь час па розныя бакі барыкад. Здольнасці знаходзіць кампраміс, канструктыўна спрачацца, пагаджацца на рэальнае, дасягаць найбольш важных для работнікаў і навучэнцаў гарантый сталі праявамі сапраўднага сацыяльнага партнёрства, уласцівага практычна ўсяму перыяду дзейнасці самастойнага галіновага прафсаюза. Правёўшы мадэрнізацыю ключавых сістэм прафсаюзнага арганізма, здабыўшы адэкватнае новаму часу, дзяржаўнаму і грамадскаму ладу жыцця аблічча, прафсаюз здолеў захавацца як найбуйнейшае, уплывовае прафсаюзнае аб’яднанне краіны.

Прафсаюзу прыйшлося прайсці цераз перыяд з’яўлення і дзейнасці альтэрнатыўных прафсаюзных арганізацый, выхаду з галіновага прафсаюза шэрагу арганізацый. З гэтага вопыту таксама былі вынесены адпаведныя высновы. Але час, само жыццё даказалі бясплённасць драблення.

Салідарнасць, адзінства, гатоўнасць ахвяраваць прыватным дзеля агульнага – галоўныя каштоўнасці галіновага прафсаюза. Захаваць іх дазволіла найперш вернасць традыцыям, што закладваліся некалькімі плеядамі кіраўнікоў галіновага прафсаюза, сапраўдных лідараў педагагічнай грамадскасці. Сярод іх Канстанцін Сцяпанавіч Чарноў, Сямён Паўлавіч Ляснічы, Аляксандр Іванавіч Самарын, Яўгенія Цімафееўна Смірнова, Святлана Максімаўна Собалева, Тамара Іосіфаўна Чобатава, Андрэй Васільевіч Лук’яновіч, Аляксандр Аляксандравіч Бойка, якія сваімі досведам, ведамі, справай засведчылі адданасць прафсаюзу.

Зноў адзіны, абноўлены галіновы прафсаюз працягвае быць моцным, дзейсным, поўным рашучасці выканаць сваю высокую місію – быць годным прадстаўніком, паслядоўным абаронцам жыццёвых інтарэсаў аб’яднанай ім 600-тысячнай арміі людзей, чыё жыццё, праца, вучоба звязаны з важнейшай сацыяльнай сферай, у якой – будучыня Беларусі.

Наш адрес: г. Минск, пл. Свободы, 23, каб. 127, 128.